Выстава-кірмаш «Барысаўскі кірмаш», арганізаваная Мінскім аддзяленнем Беларускай гандлёва-прамысловай палаты і Барысаўскім райвыканкамам, адкрылася сёння ў Барысаве.
— У асартыменце кірмашу прадстаўлены самыя запатрабаваныя тавары айчыннай вытворчасці, якія даўно прывабілі пакупнікоў сваёй высокай якасцю, — сказаў на цырымоніі адкрыцця кірмашу наместнік старшыні райвыканкама Сяргей Лагно. — Прыемна, што Мінскае аддзяленне Беларускай гандлёва-прамысловай палаты ўжо каторы год супрацоўнічае з намі, дзякуючы гэтаму барысаўчане маюць магчымасць не толькі набыць самае неабходнае, але і пазнаёміцца з навінкамі беларускай вытворчасці.
— Для многіх прадпрыемстваў Беларусі стала пытаннем аўтарытэту прыехаць у Барысаў і прыняць ўдзел у выставе-кірмашы, — запэўніў генеральны дырэктар Мінскага аддзялення Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Аляксандр Федарчук. — Зараз жыхарам і гасцям Барысава сваю прадукцыю прапаноўваюць 29 прадпрыемстваў лёгкай і харчовай прамысловасці, аказвае паслугі аддзяленне ААТ «Прыорбанк». Зазначу, што пашыраецца геаграфія прадпрыемстваў-удзельнікаў — у снежаньскім кірмашы хочуць прыняць удзел і некалькі расійскіх вытворцаў, так што ў перспектыве «Барысаўскі кірмаш» можа стаць міжнародным.
У праграме кірмашу — прэзентацыі фірм, навейшых тавараў і паслуг, дэгустацыя прадукцыі. Барысаўшчыну на кірмашы прадстаўляюць ВУП «Папяровая фабрыка» Дзяржзнака, УП «Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў», МАУП «Барысаўскі кансервны завод».